артыкул
Як стварыць кластар
Дырэктар Creative Belarus зрабiла гайд пра тое,
як зрабiць крэатыўную прастору

Марго Лазарэнкава

Марго Лазаранкова пратэсціла хабы Нямеччыны і, карыстаючыся сваім досведам і досведам іншых, расказала, як пераўтварыць закінутыя будынкі і месцы ў культурныя і культавыя крэатыўныя прасторы.
Да таго як пачаць нешта ствараць, трэба разабрацца ў сваіх глыбокіх жаданнях. Ты хочаш аб'яднаць розныя крэатыўныя ініцыятывы ды кампаніі на падставе ўзаемнай дапамогі і кааперацыі ці агульнага будынка? Калі на першым плане – развіццё суполкі, то віншаванні: ты будуеш не хаб, а кластар, і табе не заўсёды трэба мець фізічны будынак. Пачынай ужо сёння, стварай нефармальнае кам'юніці аднадумцаў дзеля развіцця ўсёй індустрыі. Калі справы будуць ісці паспяхова, то можна ўжо аформіцца на афіцыйных паперах і пачаць дзёрзка прасоўваць свае інтарэсы па мясцовых гарвыканкамах ды прадстаўляць Беларусь па свеце. Нехта ж мусіць гэта рабіць.

Калі ты ўсё ж такі марыш пра двух-, трохпавярховы камунальны лофт ці адразу некалькі будынкаў, а лепш раён з унутранымі вуліцамі і знешнім фінансаваннем, то парада адна: стартуй з маленькага. Два хлопцы з рабочага горада Вуперталь пачалі са ста квадратаў закінутай чыгуначнай станцыі, перш чым адваявалі ў банка ўвесь будынак цалкам і прымусілі ўлады замест друзлых чыгуначных рэек зрабіць роварную дарожку праз увесь горад.

Канцэпт

Абазнач у сваёй галаве канцэпцыю будучай прасторы. Распавядзі пра гэта ўсім (будзе лягчэй з наступным пунктам). Не хвалюйся, ніхто ў цябе яе не стыбзіць. Ідэя без рэалізацыі нават шматка сала сёння не каштуе: задумкі ёсць ва ўсіх – на паперы, за барнай стойкай, – але ж далёка не ўсе іх здзяйсняюць.

У Нямеччыне канцэпцый крэатыўных прастораў шмат: ад Impact Hab (хабаў для сацыяльных прадпрымальнікаў), мастацкіх сквотаў і студый-каворкінгаў з некалькімі рэзідэнтамі да раёнаў з вялікімі будынкамі сусветных карпарацый з крэатыўных індустрый.
Каманда

Адзін у полі не воін. Тым больш у крэатыўным полі Беларусі. Паспрабуй знайсці некалькі праектаў, якія таксама шукаюць дом. Знакаміты кластар «Тайга» ў Піцеры пачаўся менавіта так – не з квадратных метраў, а з розных кампаній з аднолькавым жаданнем знайсці для сябе стылёвае памяшканне.
Фінансаванне

Так-так, стартавы капітал табе патрэбны, без яго нікуды. Пытанне толькі ў колькасці. Напрыклад, комплекс «УтопіяШтадт» у Вупертале пачаўся з двух хлопцаў і крэдыту на 100 000 еўра, а крэатыўны квартал у Дортмундзе – з паступовага ўлівання двух мільёнаў еўра ад мясцовага муніцыпалітэту і Еўразвязу. Калі і першая, і другая сума для цябе – катастрофа, усё адно не пужайся, мы ж не ў Нямеччыне.

«Балкі» мы адкрылі напапалам з партнёрамі, укінуўшы на пачатку толькі па 500 даляраў. На нашую другую прастору «Вежа», якую запускаем зараз з бізнэс-цэнтрам «Амега Таўэр», пайшло значна больш. Але зараз на будучы лофт-комплекс шукаем ужо знешняе фінансаванне, бо трэба выходзіць на новы ўзровень, і грошы там як паліва. Самай устойлівай фінансавай мадэллю мне падаецца наступная схема: саму прастору манетызаваць як мага больш (арэнда працоўных месцаў, арэнда пад мерапрыемствы, бар з віном), каб яна сама сябе акупала, а адукацыйныя і культурныя праекты рабіць з грантавай дапамогай ці з астаткаў прыбытку за арэнду.

Месца

Чаму будынак толькі на чацвёртым пункце? Ты ж разумееш, не ў будынку справа. Калі ёсць годны канцэпт і па-добраму шалёная і моцная каманда – ты ўсё зможаш, увесь горад ля тваіх ног, і знайсці закінутае месца недалёка ад асноўных гарадскіх артэрый руху будзе больш чым магчыма. Па-другое, жыццё крэатыўных прастораў не такое даўгое: у сярэднім 3-5 гадоў. Таму ты адразу мусіш настройваць сябе: асноўнае, што ёсць, – гэта вы самі, а не сцены, стол ды акенцы. Тады пераезд на новае месца будзе развіццём, а не «стрэс, гарэлка, адзінота».
Аўдыторыя

Здаецца, ідэя – супер, каманда ёсць, месца знайшлі і нават грошы аднекуль раптоўна зваліліся, што яшчэ трэба? Людзі. Аўдыторыя – самае каштоўнае для любога хаба. Гэта тыя, хто прыйдуць на тваё першае мерапрыемства, размесцяць першыя здымкі прасторы ў сваім інстаграме, гэта людзі, якія пойдуць за табой на іншае месца, калі што. Дык чаму б не пачаць працаваць з аўдыторыяй ад самага пачатку? Запрашай людзей на публічныя дыскусіі пра тое, што яны хацелі б пабачыць у новай прасторы, рабі з імі рамонт, краўдфандуй на першае мерапрыемства. Уключай іх у працэс, і тады аўдыторыя ператворыцца ў суполку (гэта вельмі і вельмі класна).
Запуск

Не важна, што ў цябе будзе на адкрыцці – дамашнія ліманады ці чылійскае віно. Важна, хто прыйдзе. Паклапаціся запрасіць загадзя тых, каму ў будучыні твая прастора будзе карыснай: арганізатараў мерапрыемстваў, фрылансераў, крэатыўны бізнэс. І не забывай паказваць прыклад астатнім: працуй у хабе, арганізоўвай курсы і маркеты, кінапрагляды і адкрытыя лекцыі. На этапе запуску важна паказаць, што ты ў віры працэсу.
Развіццё

Ніколі не спыняйся на дасягнутым, падарожнічай, дзяліся вопытам на канферэнцыях, сябруй з іншымі прасторамі ў сваім горадзе, запрашай гарвыканкам і мінкульт у свой хаб, спрабуй аб'яднаць розныя індустрыі пад сваім дахам, развівай анлайн-суполку твайго праекту і... ніколі не спыняйся на дасягнутым.
Спадабаӯся гэты артыкул?
Самы час iм падзялiцца!
Недостаткова для вас?
Падпiшыцеся на нашу штомесячную рассылку
Раз у месяц вы будзеце даведвацца аб
ўсех навінах Creative Belarus і нашых інсайтах.
Made on
Tilda